помнік архітэктуры класіцызму ў г.п. Стрэшын Жлобінскага р-на Гомельскай вобл. Пабудавана ў 1807 з цэглы. Храм цэнтрычны, складаецца з асн. аб’ёму (у плане квадрат са зрэзанымі вугламі) і прылеглых да яго з 4 бакоў паўкруглых аб’ёмаў. Асн. аб’ём мае сферычнае пакрыццё, завершаны круглым светлавым барабанам-ратондай з невял. купалам. Аналагічныя вежачкі-ратонды пазначаюць вуглы аб’ёму, грані якога завершаны трохвугольнымі франтонамі. Фасады аздоблены пілястрамі і паўцыркульнымі нішамі, у якіх размешчаны аконныя праёмы. Ў стварэнні арх. рытму фасадаў выкарыстаны авальныя, круглыя і паўкруглыя люкарны. Тры ўваходы вылучаны высокімі мураванымі ганкамі. Пад будынкам зроблена крыпта, у якую вядуць 2 лесвіцы, размешчаныя ў тоўшчы сцяны. У 1989 храм рэстаўрыраваны (арх. В.Калнін).